Главная / Новости / Новости района
18.07.2022

Раённыя “Зажынкі” далі старт уборачнай кампаніі на Смаргоншчыне

 З традыцыйнага для беларускай зямлі абраду – “Зажынак”- пачалася ўборачная кампанія на Смаргоншчыне. У КСУП «АграСолы» для гэтага сабраліся камбайнёры і вадзіцелі, старшыні гаспадарак і іншыя госці.
Павіншаваць хлебаробаў з пачаткам жніва прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама - начальнік райсяльгасупраўлення Сяргей Мядзвецкас і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук.

- Усяго ў раёне неабходна ўбраць звыш 17 тысяч гектараў зерневых, больш 1000 гектараў кукурузы. На дадзены момант увесь парк камбайнаў падрыхтаваны да ўборкі, - падкрэсліў Сяргей Тадэвушавіч.

Першы намеснік старшыні райвыканкама пажадаў усім удзельнікам жніва добрага надвор’я, моцнага здароўя, удачы і Божага бласлаўлення.

Звяртаючыся да хлебаробаў, Сяргей Кудзеньчук зазначыў, што іх намаганнямі, уменнямі і ведамі маленькае зярнятка ператвараецца ў смачны каравай. Менавіта зараз наступае час паказаць, на што яны здольны.  

Падчас урачыстасці камбайнёрам і вадзіцелям павязалі чырвоныя і зялёныя стужкі. Па добрай традыцыі ўдзельнікаў жніва і іх тэхніку блаславіў і акрапіў святой вадой айцец Валянцін.

Ганаровае права зажаць першы сноп было прадастаўлена дырэктару КСУП «АграСолы» Вользе Лук’яненка. Першы зажаты сноп быў уручаны начальніку райсяльгасупраўлення Сяргею Мядзвецкасу.

Работнікі Сінькоўскага Дома культуры падаравалі прысутным шмат песень.

У канцы мерапрыемства камбайнёры занялі свае месцы ў кабінах падрыхтаванай тэхнікі і адправіліся ў поле за новым ураджаем. Жніву быў дадзены афіцыйны старт.
Аксана ГЕЙБОВІЧ.

Фота аўтара.