Главная / Новости / Новости района
27.09.2022

На крылах Пегаса. Смаргонская паэтка Вера Вайцюль перамагла на абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці

 Дыплом 1 ступені атрымала Вера Вайцюль на абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу падраздзяленняў Гродзенскай вобласці. Намінацыя – “Чытанне паэтычных твораў”.
Конкурс праходзіў у Гродне. Журы, якое ўзначаліў намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення аховы Аляксей Шмырыга, высока ацаніла верш “З юбілеем” Веры Вайцюль (да 70-годдзя стварэння падраздзяленняў аховы) і як яго выканала аўтар. 
Вера Іосіфаўна больш за 15 гадоў працуе ў Смаргонскім аддзеле аховы. У вольны ад адказнай работы час смаргонская паэтка піша душэўныя вершы, якія прысвячае малой радзіме, прыродзе, роднай мове, блізкім людзям, службе аховы... Мае выдадзены паэтычны зборнік “А музыка гучала”, але ў Веры Іосіфаўны ўжо ёсць вершы яшчэ для адной кнігі. 

Паэтка заўсёды актыўна ўдзельнічае ў конкурсах мастацкай самадзейнасці сярод супрацоўнікаў аховы. Яе творы былі неаднаразова адзначаны прызавымі дыпломамі.
На аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці, прысвечаным 70-годдзю стварэння падраздзяленняў аховы, які пройдзе 6 – 7 кастрычніка ў Магілёве, Вера Вайцюль будзе адстойваць гонар Гродзенскай вобласці. Поспехаў, Вера Іосіфаўна!

Галіна АНТОНАВА.

Фота за архіва Веры ВАЙЦЮЛЬ.