Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Кожны ў душы рамантык

23.06.2024
Кожны ў душы рамантык
 Лета – гэта час адпачынку і рамантычных вандровак. Вось у адной з такіх вандровак пабывалі педагогі і работнікі Сыраваткінскага ясляў-сада-базавай школы ў мінулыя выхадныя. На гэты раз мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй нашай Гродзеншчыны.
Пачалі мы нашу вандроўку з наведвання Аўгустоўскага канала. На  шлюзе Дамброўка на прычале стаяў параход “Неман”. Ярка  свяціла   ласкавае летняе сонейка, гучала прыемная музыка. Прыветліва ўсміхаючыся, капітан парахода запрасіў нас на палубу, і мы адправіліся на прагулку па канале. Вялікае ўражанне вызвала так называемае шлюзаванне. Шлюз – гэта  сапраўдны шэдэўр інжынернай думкі, пабудаваны надзвычай старанна, грунтоўна і надзейна. Сцены камеры выкладзены з масіўных камянёў і абліцаваныя цэглай на растворы з так званай гідраўлічнай вапны. Абабітыя жалезам дубовыя вароты ўстаноўленыя на рухомых рычагах, а зверху мацуюцца пры дапамозе стальных прыстасаванняў. Захоплівае дыханне, калі адкрываюцца гэтыя вароты і ў камеру ўрываецца магутны паток вады, які падымае параход на пэўную вышыню! А якая цудоўная навокал прырода, не кранутая рукой чалавека! Уздоўж канала, як вартавыя, уздымаюцца высока ў неба стройныя сосны і елкі, упрыгожаныя шматлікімі шышкамі. А вось зусім недалека ад нас важна праплывае прыгажун-лебедзь. Ласкавы ветрык адганяе летнюю спякоту. І на душы такое замілаванне!
Пасля прагулкі па Аўгустоўскім канале ў нас была замоўлена пешаходная экскурсія па Гродне. Больш за дзве гадзіны мы слухалі цікавы аповед экскурсавода аб гісторыі каралеўскага горада, знаёміліся з асноўнымі гістарычнымі помнікамі. Нават падымаліся па старажытнай, выкладзенай камянямі, лесвіцы да Каложскай царквы. Прагуляліся па парку. З вялімім хваляваннем услухоўваліся ў гукі арганнай музыкі падчас наведвання Фарнага касцела, любаваліся багаццем і прыгажосцю яго галоўнага алтара. Шпацыравалі па пешаходнай прыгожай вуліцы Савецкай, дзе змаглі набыць сабе на памяць сувеніры. А вечарам наведаліся ў драматычны тэатр.
Дзень выдаўся нялёгкі. Але ўсе мы атрымалі вялікую асалоду ад нашай вандроўкі, і кожны лічыў сябе сапраўдным  рамантыкам.


Автор: Людміла Раманоўская, настаўнік Сыраваткінскай БШ.

© Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.