Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.09.2020

Танцам на Крыўлянцы быць!

 19 верасня ў Мінску адбылася маштабная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk. Перад шматлікай публікай паспяхова выступіла выхаванка Крэўскай школы Кацярына Янголь. Было ўсё: апладысменты, падарункі, эмоцыі, хваляванні… Наперадзе – самае важнае: рэалізацыя праекта.
А пачалося ўсё з таго, што кампанія А1, пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2019/2020 навучальным годзе рэалізавала праект “Першыя”. У яго межах праходзіў агульнарэспубліканскі конкурс ідэй для навучэнцаў ІХ-ХІ класў у чатырох накірунках: тэхналогія, культура, інклюзія і экалогія. Удзельнікам конкурсу неабходна было распрацаваць ідэю праекта ў адным з гэтых накірункаў і прадставіць яго ў выглядзе публічнага выступлення ў фармаце навуковых канферэнцый TED.
Арганізатары конкурсу атрымалі больш за сотню ролікаў з арыгінальнымі ідэямі і цікавымі праектамі. Журы было вельмі складана зрабіць выбар. Месцаў у фінале было толькі 10.
Навучэнка ХІ класа дзяржаўнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Крэўскі яслі-сад-сярэдняя школа” Кацярына  прыняла ўдзел у конкурсе з праектам “Танцы на Крыўлянцы” і прайшла ў фінал конкурсу. Галоўная ідэя праекта – раскрыць і зберагчы хараство прыроды малой радзімы, а таксама натхніць іншых на захаванне прыроды свайго краю.
“На першым этапе мы распавядаем мясцовым жыхарам пра важнасць клопату аб наваколлі, шукаем аднадумцаў. Пасля ўсе разам выйдзем на ачыстку ракі ад смецця. А напрыканцы зладзім “Танцы на Крыўлянцы!”- паведаміла Кацярына.
Віншуем Кацярыну Янголь з перамогай! Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы зможам цікава адпачываць і ладзіць вольны час у родным куточку Крэўскай зямлі!

Таццяна ВАРЫЦКАЯ,

намеснік дырэктара Крэўскіх ясляў-сада – сярэдняй школы.