Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.01.2022

“Сто гадоў. Без адзіноты”. Юзэфа Кудзіна святкуе юбілей

 Будысцкі манах  Йонге Мінг’юр Рынпочэ, які даўно супрацоўнічае з навукоўцамі, дапамог ім адкрыць сакрэт даўгалецця. Шматгадовыя даследаванні даказалі, што медытацыі запавольваюць старэнне, праўда, не ўсяго арганізма, а толькі мозгу. Некалькі хвілін медытацыі і запаволенне рытму нашага жыцця нават на непрацяглы тэрмін будуць карыснымі. Вучоныя вынеслі вердыкт: медытацыя - тое, што варта практыкаваць кожнаму з нас.
А ў маёй гераіні – стагадовай Юзэфы Кудзінай з Жодзішак – свой сакрэт даўгалецця: яна шмат моліцца. “Ад малых дзён я хадзіла ў касцёл, нават калі не можна было. І цяпер з малітвай жыву. Усяго добрага прашу ў Бога для родных, блізкіх, усіх людзей. Каб не хварэлі, каб пандэмія прайшла і вайны не было. Я часам слухаю тэлевізар і дзіўлюся, што ёсць людзі, якія хочуць ваяваць.  Гэта ж жах… Я пра вайну ведаю не па аповедах. Я яе перажыла”, - кажа Юзэфа Міхайлаўна.
“Па дакументах мамін дзень нараджэння – 1 студзеня 1922 года, а на самой справе яна нарадзілася яшчэ раней – 22  снежня, - удакладняе дачка юбіляркі. -  Таму віншаванні мама прымае ўжо з Калядаў. Эстонія, Італія, Вільнюс, Сочы, Бранск, Цюмень… Родныя параз’язджаліся ў розныя куткі свету, таму звязваемся толькі з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў сувязі”.

Юзэфа Міхайлаўна на свае гады выдатна выглядае, мае цудоўную памяць, даволі рухавая. Між іншым, усё яе жыццё – выпрабаванне на трываласць і цярпенне…

Нарадзілася Юзэфка ў Літве. У час Першай сусветай вайны яе бацькі вымушаны былі пакінуць роднае гняздо, бо тут, на Смаргоншчыне, стаяла лінія фронту. Калі вайна скончылася, бацькі і маленькая Юзэфа вярнуліся дадому.
“Замуж я выйшла ў 1942 годзе за хлопца, які прыходзіў да бацькі, каб навучыцца кавальскай справе. Каля хаты у нас стаяла кузня, а бацька быў выдатным кавалём.  Муж кавалём не стаў, а вось жонку сабе знайшоў, - усміхаецца мая гераіня. – Я пайшла жыць у Жодзішкі, у сям’ю, дзе, акрамя мужавых бацькоў, былі яшчэ і два браты.  У 1943 годзе дом, дзе мы жылі, разам з суседнімі немцы спалілі. Мы з мужам і маленькай дачкой пераехалі да маіх бацькоў.  Бацькі мужа – да сваякоў. Неўзабаве на месцы пажару ўзвялі невялікую пабудову, куды мы ўсе вярнуліся жыць. Да гэтага часу ажаніўся брат мужа, і ў яго нарадзілася дзіця, а ў нас – яшчэ адно. Дык вось у гэтым невялікім “трысценічку” мы жылі ўсе разам, падвесіўшы пад столь дзве калыскі. Толькі ў 1950-х гадах мы пабудавалі на папялішчы хату, а па суседстве – брат мужа, другі брат з’ехаў з Жодзішак”.

Усё жыццё Юзэфа Кудзіна адпрацавала паляводам. Вось як яна ўспамінае той час: “Тэхнікі такой, як цяпер, тады не было. Усё ўручную рабілі. Сеялі, садзілі, капалі, палолі, убіралі… Летам лён церабілі, восенню мялі, а зімой трапалі. Працаваць з лёнам у рукавіцах немагчыма, таму нават пры 20-30 градусах марозу працавалі голымі рукамі. Цяжкая праца, але мы былі маладыя, дужыя, здаровыя, нічога не баяліся.

На работу ў калгас хадзіла да 1990 года. А што было рабіць? Помню, першую пенсію атрымала – 37 рублёў, пайшла ў магазін, купіла туфлі мужчынскія за 30 рублёў, 7 рублёў на жыццё засталося”. Тагачасная грашовая арыфметыка не ўражвала. Даводзілася выжываць.
Між іншым, Кудзіны выгадавалі чатырох дзяцей. Мужа Юзэфа Міхайлаўна пахавала 22 гады таму, трагічна загінуў адзін з трох яе сыноў. Стагадовая жанчына жыве разам з дачкой. У юбіляркі восем унукаў, дзевяць праўнукаў і тры прапраўнукі. “Параз’язджаліся ўсе па свеце, а каб сабраць разам давялося, то ў хаце і цеснавата было б”, - усміхаецца бабуля.
Прызнацца, я люблю такія хаты, як у маёй гераіні. У іх заўсёды можна знайсці цікавыя “экспанаты”. Мая ўвага найперш засяродзілася на самаробнай шафе, якую падрыхтавалі ў пасаг маладой Юзэфе. “Ёй яшчэ больш, чым маме, - зазначыла дачка. – Маміны бацькі заказалі шафу ў вішнеўскага майстра. І перажыла яна столькі! Нават у вайну ўцалела, бо не паспела за нявестай з Сачанят у Жодзішкі прыехаць. У кожнай рэчы, як і ў чалавека, свой лёс і свая гісторыя”.
Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.