Галоўная / Навiны / Навiны раёна
07.10.2020

Цудоўна, што школа – гэта не толькі вучэбныя заняткі, але і цікавыя мерапрыемствы

 Хутка праляцела лета…Школьны званок паклікаў дзяцей на ўрокі. Цудоўна, што школа – гэта не толькі вучэбныя заняткі, але і цікавыя мерапрыемствы, падчас якіх вучні маюць магчымасць праявіць свае здольнасці ў конкурсах, віктарынах, гульнёвых праграмах, калектыўных творчых справах.
Шосты школьны дзень – гэта час актыўнага і пазнавальнага адпачынку ў асяроддзі школьных сяброў. Кожная субота ў сярэдняй школе №5 прысвечана пэўнай тэматыцы.
У першую суботу верасня, казка паклікала да сябе ў госці вучняў II «А» класа. Мерапрыемства прайшло пад дэвізам «Чытайце казкі – і цуды пачнуцца!». Віктарына «Казачны калейдаскоп» дапамагла выявіць лепшых знаўцаў казак і пераканала ўсіх, што шмат чытаць - вельмі карысна.
У другую вераснёўскую суботу ў школе прайшоў дзень здароўя. Аматараў здаровага ладу жыцця ў II «Б» класе аказалася нямала. За круглым сталом прысутныя расказалі аб любімых відах спорту. Працягам мерапрыемства стаў конкурс малюнкаў «Далей, вышэй, хутчэй!».
Трэцяя субота была прымеркавана да Міжнароднага дня міру, які адзначаўся 21 верасня. Хлопчыкі і дзяўчынкі з II «В» класа старанна абводзілі свае далонькі, потым выразалі, каб змайстраваць з іх плакат «Мы за мір!». Праз выставу малюнкаў «Хай заўжды будзе сонца!» вучні паспрабавалі выказаць, як яны разумеюць мір на Зямлі і вакол сябе.
Праблемы экалогіі разглядалі вучні II «Г» класа на чарговым суботнім занятку. Адна група дзяцей рыхтавала малюнкі, а другая працавала над аплікацыяй. Вынікам работы стаў удзел дзяцей у інтэрактыўнай гульні «Знаўцы прыроды». Занятак падштурхнуў другакласнікаў задумацца аб навакольным свеце і яго праблемах.
Першая субота кастрычніка была абвешчана «Творчай суботай» і прысвечана Дню настаўніка. Вучні II «Д» класа пазнаёміліся са складанай прафесіяй настаўніка. Дзеці з цікавасцю і стараннем майстравалі аплікацыі з прыроднага матэрыялу. Любоў, сардэчнае цяпло і ўдзячнасць перадалі дзеці ў кампазіцыях для сваёй любімай настаўніцы.
Антаніна Дзерачэнік, класны кіраўнік II «А» класа,

Таццяна Ксеневіч, класны кіраўнік II «В» класа сярэдняй школы № 5 г. Смаргоні