Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.10.2021

Святочная вечарына «Алея зорак» прайшла ў гісторыка-краязнаўчым музеі

 У гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася святочная вечарына “Алея зорак”, якая была прысвечана творчым людзям смаргонскай зямлі, у якіх сёлета юбілеі.
На творчым “капусніку” прыгадалі мастакоў, якія нарадзіліся ў 1961 годзе Аляксандра Іванова (на жаль, яго няма ў жывых)  і Анатоля Бяляўскага, а таксама Валянціна Варанішчу, які нядаўна адзначыў 70-гадовы юбілей.
Вядучая вечарыны Вольга Самаркіна цікава распавяла пра скульптараў Ісаака Іткінда (150 гадоў са дня нараджэння) і пра Уладзіміра Церабуна (творчага вечарына ў яго гонар з нагоды 75-гадовага юбілею адбудзецца 22 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры).

Раскрылі старонкі жыццёвай і творчай біяграфіі народнага артыста СССР, дырыжора Віктара Роўды (100 гадоў са дня нараджэння), кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага (нарадзіўся 110 гадоў таму), музыку і фатографа Аляксандра Дзяругу (120-гадовы юбіляр).
Прыпомнілі пісьменніка і паэта - 80-гадовага юбіляра Паўла Савоську. Свае вершы пачытала былая супрацоўніца газеты “Светлы шлях”, паэтка Ала Клемянок (Страшынская), якая свой 60-гадовы юбілей адзначыла 6 кастрычніка. 
Цёплыя словы гучалі ў адрас юбіляркі з вуснаў дырэктара гісторыка-краязнаўчага музея Алены Бобінай і галоўнага спецыяліста аддзела культуры райвыканкама Ганны Ханевіч, а таксама былых ўдзельніц гуртка “Юныя журналісты”, якім кіравала Ала Леанідаўна.

Вечарыну ўпрыгожылі выступленні юных “зорачак” са школы мастацтваў імя Агінскага Ксеніі Антонавай і Таццяны Сухалет, а таксама салістаў цымбальнага аркестра імя Аляксандра Дзяругі Вольгі Грагоўскай і Яўгеніі Ломаць, паэткі і спявачкі Валянціны Бажыдай.
Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.