Афіцыйны сайт
7 верасня 2020

Гісторыя Тупальшчынскай млячарні

 Жыхары Смаргонскага краю вылучаліся прадпрымальніцкай актыўнасцю, якая выводзіла іх на першыя радкі рэйтынга сярод іншых рэгіёнаў. У 1925 годзе паблізу чыгуначнай станцыі Солы была створана першая на Віленшчыне млячарня (па-сучаснаму – прадпрыемства па пераапрацоўцы малака). На працягу некалькіх гадоў міжваеннага часу мінулага стагоддзя такі ж малаказавод у Тупальшчыне (што каля Жодзішак) утрымліваў першынство па многіх паказчыках сваёй дзейнасці.
Пасля ваенных ліхалеццяў Першай сусветнай вайны насельніцтва рэгіёна паступова пачало аднаўляць сваю разбураную гаспадарку, адбудоўваць паселішчы, апрацоўваць закінутыя землі. Каб хутчэй узняць свой дабрабыт, атрымаць стабільную выгоду ад жывёлагадоўлі мясцовыя жыхары вырашылі заснаваць малочны кааператыў у Тупальшчыне. Жыццядзейны і энергічны сельскагаспадарчы гурток у Палянах, які раней заснаваў касу Стэфчыка ў Нястанішках, падняў пытанне аб арганізацыі млячарні яшчэ ў 1925 годзе. Але толькі 18 лютага 1926 года прайшоў першы арганізацыйны сход, а 8 мая млячарня ўжо распачала сваю дзейнасць.
Першапачаткова яна складалася з 24 пастаўшчыкоў малака, якія ўтрымлівалі ў сваіх гаспадарках 109 кароў. Першыя неблагія выплаты наяўнымі грашыма за здадзеную сыравіну адразу прыцягнулі ў кааператыў  іншых гаспадароў наваколля. Напрыканцы 1926 года колькасць пастаўшчыкоў павялічылася да 87. У 1928 годзе іх было ўжо 244 чалавекі, а ў 1937 годзе – больш за 700 сяброў. Пачалі расці і аб’ёмы перапрацаванага малака. У чэрвені 1927 года ў млячарню паставілі амаль 69 тысяч літраў малака. Гэта вывела яе сярод іншых прадпрыемстваў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў на першае месца па аб’ёму здадзенай сыравіны. У той жа месяц з Тупальшчыны было пастаўлена ў Вільню 2 880 кілаграмаў масла, што склала дзясятую частку ад пастаўленага ўсімі малочнымі кааператывамі масла на віленскія рынкі.
Перад Другой сусветнай вайной кааператыў перапрацоўваў штодзённа 5 тысяч літраў малака. Адпаведна, гаспадары летам маглі атрымаць штомесячна за здадзенае малако ад адной каровы 25-40 злотых, а зімою яшчэ больш. У некаторых выпадках гэта сума была значна вышэйшай. Напрыклад, гаспадару Юльяну Жылка з Тупальшчыны за адзін з летніх месяцаў былі выплачаны 122 злотыя. Гэтыя грошы далі магчымасць мясцоваму земляробу пераадолець беднату, адчуць сябе гаспадаром, развіваць асабістую гаспадарку, набываць жывёлу і пашыраць уласнае пагалоўе кароў. Набытая за 350 злотых панам Яноўскім з Палянаў карова акупілася за пяць месяцаў дзякуючы пастаўкам малака.
Каб арыентавацца ў тагачасных грашовых рэаліях, прывяду цэны на віленскіх рынках за верасень 1930 года. У сярэднім 1 кілаграм свініны каштаваў каля 3 злотых, сала – 4 злотыя, такі ж - кошт салёнага масла, 1 літр смятаны ацэньваўся ў 2 злотыя, цукар – 1 злоты 70 грошаў, натуральная кава – да 12 злотых, чай (не блытаць з травяной гарбатай) каштаваў ад 18 да 30 злотых. У гэты час за 1 долар давалі 8 злотых 88 грошай. Што цікава, у канцы 1930-х гадоў цэны на ўсе харчовыя прадукты патаннелі, прычым на мясныя вырабы больш чым на палову і крыху – на малочныя вырабы.
Пры адкрыцці млячарні ў Тупальшчыне быў скарыстаны кароткатэрміновы трохмесячны крэдыт, які выдзеліў Віленскі саюз малочных кааператываў. За яго набылі цэнтрыфугу “Балтыка” і маслабойку. Атрымаўшы другі крэдыт ад дзяржаўнага сельскагаспадарчага банка, кіраўніцтва накіравала яго на пакупку збаноў, іншага неабходнага начыння. У 1928 годзе праўленне млячарні ў складзе старшыні кааператыва Уладзіміра Бакшанскага, сяброў праўлення Ф. Жылкі, Я. Блажко і тагачаснага кіраўніка млячарні Я. Ратайчака рэалізавала праект па выкарыстанні рухавіка ўнутранага згарання ў якасці асноўнай рухаючай сілы млячарні. Набыты рухавік у 4 конскія сілы вызваліў двух рабочых, якія працавалі кожны дзень па дваццаць гадзін у дзве змены.
У летнія месяцы, калі людзі шчыравалі ў полі, вельмі цяжка было знайсці і наняць дадатковага дбайнага работніка, які збіваў бы ўручную сметанковае масла ў млячарні. Гэтая праца лічылася надзвычай цяжкай, маруднай і на яе неахвотна згаджаліся. За ўкараненне рухавіка ў перапрацоўцы малака Тупальшчынская млячарня атрымала пахвальны ліст ад арганізацыйнага камітэта сельскагаспадарча-прамысловай выставы ў Вільні.

Дзякуючы эфектыўнаму развіццю кааператыва ў 1937 годзе распачалося ўзвядзенне сучасных будынкаў млячарні. Для гэтых мэт уладальнік маёнтка Тупальшчына Уладзімір Бакшанскі падараваў кааператыву адзін гектар зямлі, на якім паўстаў новы будынак млячарні, лядоўня і адміністрацыйны дом з памяшканнем для кіраўніка. Кошт пабудоў склаў 16 тысяч злотых. Летам 1938 года адбылося асвячэнне млячарні ў прысутнасці прадстаўнікоў міністэрства, сельскагаспадарчай палаты, адміністрацыйных улад і грамадскасці.

З мэтаю знаёмства з працай і перавагамі новага кірунку развіцця пераапрацоўчай вытворчасці на вёсцы ў Тупальшчыну пачалі ладзіцца экскурсіі для зацікаўленых асобаў з павета, а сябры праўлення – чытаць даклады пра дзейнасць кааператыва на сходах земляробаў у розных кутках Віленшчыны. Аднымі з першых тут арганізавалі кола кантролю малочнай вытворчасці. Аб’яднанне адсочвала якасць малака, давала гаспадарам карысныя парады па павелічэнні прадуктыўнасці пашы, рацыянальнаму кармленню хатняй жывёлы, вялі асветніцкую дзейнасць. Сярод актыўных сяброў кола кантролю ў розныя гады былі У. Бакшанскі з маёнтка Тупальшчына, браты Жылкі са Стаўбуцева, Я. Грышкевіч і А. Дамуць з Працутаў, Д. Энгель з Казянят, Б. Яноўскі і М. Курносаў з Палянаў, жодзішкаўскі ксёндз Р. Дроніч.

Падзеі Другой сусветнай вайны разбурылі тутэйшы лад жыцця. Пасля стварэння ў 1939 годзе на базе маёнтка калгаса, млячарня была нацыяналізавана. Са з’яўленнем нямецкіх акупацыйных улад вясной 1942 года тупальшчынскім адміністратарам быў прызначаны Гіляры Глушак. Гаспадарчая дзейнасць маёнтка была адноўлена, працягнула працу і млячарню. Як адзначала ў сваіх успамінах “Уцёкі ад Халакосту” Эмануэла Цунг, якой прыйшлося ў гады вайны хавацца ад нацысцкага пераследу ў тутэйшых мясцінах, у суботнюю ноч з 6 на 7 сакавіка 1943 года на маёнтак Тупальшчына напалі бандыты і “аграбілі ўсё, што маглі, а Гіляра Глушака застрэлілі”. Праз некалькі тыдняў пасля гэтай сумнай падзеі рабаўнікі прыйшлі сюды зноў і спалілі вельмі прыгожую сядзібную пабудову на стромкім правым беразе Вяллі.

У далейшым яшчэ неаднойчы жыццё мясцовых людзей гэтага паселішча падвяргалася гвалту і рабункам. У сакрэтнай “Дакладной запісцы сакратара Свірскага райкома КП(Б)Б Мартыненка сакратару ЦК КП(Б)Б П. К. Панамарэнка аб выпадках тэрору і забойств у раёне “ад 3 сакавіка 1945 года паведамлялася: “…27.02.1945 г. у 9 гадзін вечара ў в. Тупальшчына Выгалентскага с/с групай бандытаў быў забіты ўпраўляючы канторай Свірскага маслапрома т. Сіняўка Васілій Сідаравіч, які да расстрэлу быў падвергнуты зверскім цялесным пакутам. У яго было адрэзана левае вуха і збіты ўвесь твар.

Адначасова з ім загінулі два таварыша, накіраваныя на працу ў Свірскі раён у сістэму маслапрома – т. Смычкоў і яго жонка. Бандай таксама ўзламаны маслазавод у в. Тупальшчына. Малочныя прадукты, якія знаходзіліся на маслазаводзе, а таксама посуд былі забраны бандай”.

У пасляваенны час былы Тупальшчынскі малочны кааператыў падпарадкоўваўся спачатку Вілейскаму малаказаводу, а потым стаў сепаратарным аддзяленнем пры Смаргонскім малаказаводзе. Але жыццё няспынна рухалася наперад, і на змену былым тэхналогіям прыйшлі новыя, больш сучасныя. Таму з уводам у дзеянне ў 1975 годзе Смаргонскага завода абястлушчанага малака адпала неабходнасць у дзейнасці Тупальшчынскага аддзялення малаказавода. Спынілася праца, абсталяванне дэмантавалі, а будынкі ў хуткім часе разабралі.

Быццам, не шмат, усяго паўстагоддзя, праіснавала прадпрыемства. Але і сёння, праз 45 гадоў пасля яго закрыцця, старэйшыя жыхары жодзішкаўскай старонкі і выхадцы з тых мясцін добра памятаюць гісторыю Тупальшчынскай млячарні. Відаць, што яна вартая такіх успамінаў і пашаны.

Уладзімір ПРЫХАЧ.