Галоўная / Навiны / Навiны раёна
28.06.2021

Экскурсійны тур “Крэўскі шлях”

 Мудрацы гавораць: «Хочаш пачаць новае жыццё? Пачні вандраваць!». І неабавязкова ў далёкія краіны. Пачніце вандраваць хаця б па Смаргоншчыне. А  супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея гатовы вашы падарожжы зрабіць больш цікавымі і змястоўнымі.
У пятніцу музейшчыкі прапанавалі праехацца па маршруце “Крэўскі шлях”. Распачаўся ён у Смаргоні. Першым пунктам прыпынку стала вёска Наваспаск, дзе захаваліся руіны былой уніяцкай царквы. Пра гісторыю гэтай святыні, а таксама пра гісторыю Смаргоні і ваколіц распавядалі супрацоўнікі музея Вольга Самаркіна і Павел Картавік.
Далей шлях турыстаў ляжаў у вёску Багушы, дзе знаходзіцца Свята-Увядзенскі Стаўрапігіяльны жаночы манастыр. Паслушніца манастыра Ірына правяла цікавую экскурсію.
З Багушоў аўтобус накіраваўся ў Крэва. Удзельнікі экскурсійнага тура наведалі царкву Святога Аляксандра Неўскага,  пра гісторыю гэтай святыні распавядаў айцец Аляксандр Шэлест.
Гісторыя Нальшчанскага княства, Крэва і Крэўскага замка надзвычай багатая і цікавая. Пра яе распавядала дырэктар музея Алена Бобіна.

Наведвальнікам была прадстаўлена анімацыйная праграма “Цені Крэўскага замка”, пасля чаго ўсім жадаючым прапанавалі паўдзельнічаць у майстар-класах майстроў народнай творчасці.
Дзяніс ЯРОЎСКІ.

Фота аўтара.